Кау (народ)
Кау, канза kaw, kanza | |
Фота сяр. XIX ст.
| |
Агульная колькасць | 3126 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | канза |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | арканзас, омаха, аява, осэйдж |
Ка́у (саманазва: kaw), або ка́нза (kanza) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў штаце Аклахома. Агульная колькасць (2012 г.) - 3 126 чал.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Кау адносяцца да сіўанскіх народаў, якія ў старажытнасці насялялі даліну Агая, аднак да XVII ст. мігрыравалі ўздоўж рэчышчаў Місісіпі і Місуры, а потым пасяліліся на рацэ Канзас. Саманазва kaw азначае паўднёва-усходні вецер. Назву kanza індзейцы атрымалі ад французскіх місіянераў. У 1673 г. яна ўпершыню з'явілася на французскай карце і пазней увасобілася ў назве ракі і штата Канзас.
Кантакты з іспанцамі пачаліся яшчэ ў 1541 г. Яны не мелі сталага характару. У 70-я гг. XVII ст. былі ўсталяваны сувязі з французскімі гандлярамі. У канцы XVIII - першай палове XIX ст. кау моцна пацярпелі ад войнаў з аява і лакота. Асабліва неспрыяльная сітуацыя склалася пасля моцнай эпідэміі воспы ў 1801 г.
Пасля пераходу Луізіяны ў склад ЗША кау імкнуліся атрымаць знешнюю дапамогу з боку амерыканскіх ваенных, таму падпісалі мірныя пагадненні ў 1825 г., 1846 г. і 1859 г. Некаторыя кау ўдзельнічалі ў войнах супраць лакота на баку ЗША. З-за эпідэмій іх колькасць працягвала скарачацца. З 1789 г. да 1889 г. скарачэнне адбылося амаль у 10 разоў і дасягнула 194 чалавекі. У 1873 г. яны былі пераселены на поўнач Аклахомы, дзе было створана графства Кау на рацэ Канзас.
У 1902 г. кау фактычна пазбаўляліся ўнутранай аўтаноміі, якая была адроджана толькі ў 1959 г. У нашы дні сярод чальцоў племені кау высокі працэнт метысацыі.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Кау здаўна займаліся земляробствам. Вырошчвалі бабовыя, гарбузы і кукурузу. Важную ролю ў забеспячэнні мелі загоннае паляванне і рыбалоўства. Пасля ўсталявання сувязяў з французскімі гандлярамі продаж скур дзікіх жывёл набыў камерцыйнае значэнне. У XIX ст. з-за дэпапуляцыі і экалагічных змен паляванне прыйшло ў заняпад, кау апынуліся ў залежнасці ад харчовай дапамогі з боку амерыканцаў. З XVIII ст. займаліся конегадоўляй.
Кау будавалі на рацэ сталыя вёскі, што складаліся з доўгіх саламяных хацін. Улетку палявалі ў прэрыях, дзе жылі ў часовых тыпі. Вопратку шылі са скур і тканін. Тыповымі элементамі адзення былі насцегнавая повязь, плашч, вузкія скураныя штаны і макасіны. Мужчыны галілі галаву і ўпрыгожвалі яе пер'ем. Іншыя элементы ўпрыгожванняў: пацеркі, ракавіны малюскаў, кавалкі металаў. Конныя паляўнічыя размалёўвалі свае шчыты.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Рэлігійныя вераванні засноўваліся на шанаванні духа-стваральніка сусвета і духоўных істот вакан. Міфалогія адлюстроўвае духоўныя пошукі культурных герояў.
У нашы дні большасць вернікаў — хрысціяне.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Родная мова кау адносіцца да сіўанскай групы моў даліны Агая. У нашы дні знаходзіцца на мяжы знікнення. Большасць кау размаўляе ў побыце на англійскай мове.